ЗЯЛЁНАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,

сістэма планавых мерапрыемстваў па стварэнні, зберажэнні і выкарыстанні зялёных насаджэнняў; састаўная ч. горадабудаўніцтва. Выконвае структурна-планіровачныя, сан.-гігіенічныя, рэкрэацыйныя, дэкар.-маст. функцыі.

Паводле прызначэння аб’екты З.б. падзяляюць на насаджэнні агульнага карыстання (паркі, сады, скверы, бульвары, пасадкі на вуліцах, плошчах і інш.) і абмежаванага карыстання (насаджэнні на тэр. школ, бальніц, дзіцячых садоў, дамоў адпачынку і санаторыяў, прамысл. прадпрыемстваў, сядзіб калгаснікаў, вакол вадаёмаў і інш.). Элементамі З.б. лічаць: масівы, групы, адзіночныя пасадкі, жывыя агароджы, газоны, кветкавае афармленне, алеі; да іх далучаюць таксама добраўпарадкаванне азялененых тэрыторый: дарожна-сцяжынкавыя сеткі, аб’екты паркавага дэкору (вазы, скульптуры, фантаны і інш.), быт. абслугоўвання (лаўкі, навесы, альтанкі, павільёны і інш.). Пры распрацоўцы праектаў садоў і паркаў улічваюць дынаміку росту дрэў, стан і афарбоўку іх крон у залежнасці ад пораў года. У сістэму зялёных насаджэнняў уваходзяць і загарадныя паркі (леса-, луга-, гідрапаркі, гіст., этнагр., мемарыяльныя) і зоны адпачынку. У комплексе З.б. асобна вылучаюць азеляненне, ландшафтную архітэктуру, садова-паркавае мастацтва.

На Беларусі ў З.б. выкарыстоўваюць прыёмы планіроўкі і забудовы жылых раёнаў у адзінстве з прыродным ландшафтам. З улікам патрабаванняў З.б. створаны паркі імя Я.Купалы ў Мінску, культуры і адпачынку ў Брэсце, Гомелі, Магілёве, Бабруйску, Жлобіне, Оршы, парк «Юбілейны» ў Гродне, бульвары і інш. Плошча зялёных насаджэнняў у Мінску 3216,4 га, што складае 19 м² на 1 чал. (1997); работы па З.б. вядзе акц. прадпрыемства «Мінскзелянбуд».

Літ.:

Боговая И.О., Теодоронский В.С. Озеленение населенных мест. М., 1990;

Горохов В.А. Городское зеленое строительство. М., 1991.

Т.П.Вадап’янава.

Да арт. Зялёнае будаўніцтва. Цэнтральная плошча г. Маладзечна.

т. 7, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)